ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на Пд ад в. Ратынцы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі з крышталямі ружовага палявога шпату (авоіды 8—12 см). Даўж. 5,4 м, шыр. 4,7 м, выш. 3,4 м, у абводзе 15,5 м, аб’ём 45,8 м³, маса каля 120 т. Формай нагадвае прас. Прынесены ледавіком 220—150 тыс. г. назад з наваколляў г. Выбарг Ленінградскай вобл. Расіі. З валуном звязана шмат паданняў.

В.​Ф.​Вінакураў.

Чортаў камень каля в. Ратынцы Валожынскага раёна Мінскай вобл.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)